«Салон Кіты» (іт. Salon Kitty) — адзін зь фільмаў клясыка эратычнага кіно Тынта Браса, які стаў адным зь вядомых фільмаў эўрапэйскай эротыкі. Гэты фільм зьяўляецца антыфашысцкім і зьняты ў традыцыях Фэдэрыка Фэліні й Лукіна Вісконты. Фільм заснаваны на сапраўдных падзеях і расказвае пра маральны заняпад у нацысцкай Нямеччыны. Дом для блудніц «Салон Кіты» сапраўды існаваў у Бэрліне на вул. Гізэбрэхт, 11.
Гэты фільм прынёс Тынта Брасу першы буйны міжнародны посьпех. Прэм’ера фільма адбылася 2 сакавіка 1976 году ў Італіі.
Пасьля скандальнага посьпеху ў Эўропе фільм быў адрэдагаваны, пры гэтым былі выразаны любадзейныя чыны. Падрэзаная, карацейшая вэрсыя стала даступная шырокай масе гледачоў. У такім выглядзе пад назвай «Мадам Кіты» фільм быў паказаны ў ЗША (прэм’ера 21 студзеня 1977 года), а потым трансьляваўся тэлебачаньнем многіх краінаў.
Дзея
Галоўная асоба фільма — танцорка мадам Кіты (у рэальнасьці Кіты Шміт (сапраўднае імя — Катарына Цаміт; 1882–1954), якая жыве ў нацысцкай Нямеччыне. Яна ўладальнік аднаго з самых раскошных бардэляў Бэрліна, куды рэгулярна прыходзяць кіраўнікі рэйха. Аднойчы высокапастаўлены афіцэр СС Гэльмут Валенбэрк пагражае зачыніць яе ўстанову й змушае Кіты зьмяніць усіх працаўнікоў салона й перавесьці сам салон у іншае памяшканьне.
Зараз салон укамплектаваны толькі кабетамі чыстай арыйскай крыві й адначасна лаяльнымі да фашысцкага рэжыму. Кожны пакой у новым бардэлі абсталяваны патаемнымі прыладамі праслухоўваньня. І Валенбэрк можа ня толькі зьбіраць матэрыял для шантажу непажаданых яму людзей, але й высьвятляць, хто выказвае ў раскутай атмасфэры крамольныя думкі пра рэжым Гітлера.
У Валенбэрку ўсё ідзе гладка да пары да часу. Яго каханка Маргарыта, маладая й сімпатычная дзяўчына, улюбляецца ў афіцэра люфтвафэ Ганса Райтара, які расчараваўся вайной і ідэямі нацыянал-сацыялізму. Маргарыта знаходзіцца ў добрых стасунках з Кіты, яны давяраюць адзін аднаму. І зараз, калі Маргарыта пазнае праўдзівую мэту існаваньня бардэля, яна хоча з дапамогай Кіты перашкодзіць правядзеньню апэрацыі Валенбэрку. |